Гэты дзень абвешчаны рашэннем 30 сесіі Генеральнай асамблеі ЮНЭСКА ў лістападзе 1999 года, адзначаецца штогод 21 лютага ва ўсім цывілізаваным свеце як садзеянне захаванню моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, культурных традыцый усіх народаў свету. Гэты дзень стаў традыцыйным і ў Рэспубліцы Беларусь.
Родная мова - гэта «духоўны пашпарт народа» (прафесар Уладзімір Калеснік). Кожны народ праз родную мову вызначае ўласную неад’емнасць ад гісторыі роднай зямлі і сваю адметнасць сярод іншых народаў свету.
Падчас сустрэчы з курсантамі і выкладчыкамі кафедр канстытуцыйнага і міжнароднага права, беларускай і замежных моў галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Валянціна Мароз правяла гутарку на тэму «Канстытуцыйны статус беларускай мовы».
Увага прысутных засяроджана на пытанні, чаму ў сучасным свеце такую актуальнасць набыла праблема захавання моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі.
Адказам з’явілася выснова, што ва ўмовах глабалізацыі паскорыліся працэсы знікнення як народных гаворак, дыялектаў, так і асобных моў. Адносна ўстойлівы запас імунітэту застаецца пераважна ў тых моў, якія ў сваім развіцці дасягнулі ўзроўню нацыянальных.
Да такіх моў належыць і беларуская мова, якая набыла дзяржаўны статус і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы.
ГІГС Акадэміі МУС